Перайсці да зместу

Ледавік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ледавік «Перыта Марэна» ў нацыянальным парку «Ледавікі» ў Аргенцінскай Патагоніі

Ледаві́к — натуральнае намнажэнне (скопішча) лёду на зямной паверхні, якое валодае самастойным рухам.

Сучасныя ледавікі Зямлі займаюць плошчу 16 млн км² (~11 % сушы), маюць сумарны аб’ём 30 млн км³ (98,5 % прэснага лёду на Зямлі). Найбольш распаўсюджаныя ў палярных шыротах, асноўныя раёны іх скопішча: Антарктыда, Грэнландыя, Арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны за межамі Арктыкі і Антарктыкі.

У антрапагене тэрыторыю Беларусі 5 разоў поўнасцю ці часткова пакрывалі ледавікі, якія насоўваліся са Скандынаўскага і Кольскага паўвостраваў.

Адрозніваюць ледавікі покрыўныя (ці мацерыковыя) і горныя (або сцёку); зледзяненні — сучаснае і старажытнае.

Утварэнне і рух ледавіка

[правіць | правіць зыходнік]

Ледавік утвараецца з цвёрдых атмасферных ападкаў (снегу) вышэй за снегавую лінію, дзе выпадзенне снегу за доўгі час перавышае яго раставанне і выпарэнне (вобласць жыўлення або акумуляцыі ледавіка) і рухаецца ўніз па нахіле паверхні (вобласць сцёку або абляцыі або ледавіковы язык), дзе адбываецца раставанне і механічная разгрузка ледавіка. Часта горныя ледавікі пачынаюцца з паніжэнняў рэльефу — ледавіковых цыркаў-караў.

У вобласці жыўлення пачатковае снегавое покрыва спачатку ператвараецца ў фірн, а потым у ледавіковы лёд.

Пры нарастанні ціску лядовай тоўшчы пачынаецца рух лёду. Звычайная хуткасць руху ледавіка — дзясяткі і першыя сотні метраў за год, асобных ледавікоў Грэнландыі — 20—40 м за суткі; пры катастрафічных зрухах да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953).

Пры руху ледавікі выходзяць ніжэй за снегавую мяжу ў вобласць абляцыі (лац.: ablatio — адыманне, знос), дзе адбываецца паступовае памяншэнне масы ледавіка шляхам раставання, выпарэння і механічнага разбурэння. У залежнасці ад зменлівых у часе суадносін акумуляцыі і абляцыі адбываецца асцыляцыя (лац.: oscillatio — ваганне) краю ледавіка. У выпадку істотнага ўзмацнення жыўлення і перавышэння яго над раставаннем, край ледавіка прасоўваецца наперад — ледавік наступае, пры зваротных суадносінах ледавік адыходзіць. Часам працэс пасоўвання ледавіка адбываецца вельмі хутка, ледавік пульсуе. Пры сталых суадносінах сілкавання і абляцыі край ледавіка займае стацыянарнае становішча.

Сваім рухам ледавікі апрацоўваюць схілы і ледавіковае ложа (трог), паліруюць і шліфуюць скалы, адшчапляюць і пераносяць глыбы і абломкі горных парод на вялікую адлегласць (гл. адорвень, валун, марэна), утвараючы марэнны рэльеф. Мацерыковыя ледавікі палярных і субпалярных раёнаў, якія спускаюцца сваімі языкамі ў мора, даюць пачатак айсбергам.

Ледавік
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy