Перайсьці да зьместу

Тытунепаленьне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мужчына з цыгарэтай за працай.

Тытунепале́ньне (пале́ньне) — удыханьне дыма цьмелых высушаных лістоў тытуню.

Зьніжае пачуцьцё голаду за кошт выкіду ў кроў нэўрамэдыятара дафаміна, што выклікае залежнасьць, мацнейшую за алькагалізм. Самастойнае адмаўленьне ад паленьня складае менш за 5%. Тытунёвы дым, у склад якога ўваходзіць нікатын, пашкоджвае скуру твару і рук, зуб’е і валасы. Урэшце паленьне выклікае рак лёгкіх і верхніх дыхальных шляхоў[1].

Папярэджаньне залежнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заняткі спортам зьмяншаюць схільнасьць да паленьня праз спрыяньне выпрацоўцы гармона дафаміна за кошт цялеснай нагрузкі[1]. Пашырэньню тытунёвай залежнасьці замінаюць рэдкасьць месцаў продажу і дарагавізна для самастойнага набыцьця падлеткамі. Скарачэньне месцаў продажу да адмысловых крамаў без самаабслугоўваньня адначасна павышае выдаткі сродкаў і намаганьняў на набыцьцё тытунёвых вырабаў[2].

Чыньнікі залежнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьню тытунёвай залежнасьці спрыяюць нэўроз і раньняя паводле ўзросту першая спроба паленьня, што выклікае большую эўфарыю[2].

Пасьля тытунепаленьня патрабуецца 20 хвілінаў, каб нармалізаваць крывяны ціск і зменшыць спазму крывяносных судзінаў. Ногі і рукі становяцца цяплейшымі. Празь дзьве гадзіны ўзьнікае вяласьць, прыгнечанасьць і трывога, ад чаго цягне паліць дзеля наступнай дозы нікатыну. Праз 8 гадзінаў узьнімаецца ўзровень тлену ў чырвоных крывяных цельцах, але расьце вязкасьць крыві і пагроза ўтварэньня тромба ў крывяноснай судзіне. Праз 24 гадзіны пачынаецца моцны кашаль, бо зь лёгкіх выводзяцца ўтвораныя паленьнем рэчывы. Праз 48 гадзінаў нэрвовая сыстэма ўраўнаважваецца, што паляпшае мысьленьне. У кароткачасовых курцоў паляпшаецца адчуваньне смаку на языку. Праз 72 гадзіны наступае ломка з хваляваньнем. Праз месяц пасьля кіданьня зьмяншаецца пагроза хваробы крывяносных судзінаў і цукровага дыябэту. З трэцяга па дзявяты месяц у лёгкіх утвараецца новы эпітэль. Пасьля году пагроза хваробы сэрца падае на 50%. Пасьля 10 гадоў без цыгарэтаў пагроза раку лёгкіх скарачаецца на палову параўнальна зь некурцамі. Праз 15 гадоў пагроза інфаркту зраўноўваецца зь некурцамі[3].

Тытунепаленьне выклікае адпаведны від раку ў залежнасьці ад спосабу спажываньня. Калі разжоўваюць, гэта вядзе да раку рота. Калі паляць цыгару — да раку вуснаў. Калі ж паляць трубку або кальян — рак лёгкіх і страўніка[3].

10 тыс. гадоў да Нараджэньня Хрыстова ўжываньне тытуню пачалося з жаваньня і паленьня ў Амэрыцы. Спачатку яго ўжывалі як лекі, а таксама падчас рэлігійных абрадаў[3].

У 1492 годзе Хрыстафор Калюмб адкрыў Амэрыку, у выніку чаго манаполія на продаж тытуню ў якасьці лекаў у Эўропе стала належаць Гішпаніі. У 1500 годзе тытунь пачалі прадаваць у Індыі, дзе стварылі кальян на загад князя, якому не падабалася тытунепаленьне з трубкі. Такі спосаб пашырыўся і на Іран. У 1606 годзе ангельскі кароль Якаў І накіраваў сваіх падданых у Паўночную Амэрыку, дзе тыя заснавалі калёнію Вірджынія. У 1611 годзе ангелец Джон Рольф паехаў зь Вірджыніі на поўдзень да гішпанскіх уладаньняў, адкуль прывёз назад тытунь, які пачаў вырошчваць. У 1619 годзе для вырошчваньня тытуню ў Вірджыніі пачалі выкарыстоўваць рабоў з Афрыкі і Ірляндыі празь нястачу вольных пасяленцаў. За 1641—1652 гады ў такім рабстве загінула 500 тыс. ірляндцаў, яшчэ 300 тыс. прадалі ў няволю. У выніку насельніцтва Ірляндыі скарацілася з 1,5 мільёна да 600 тыс. чалавек, бо астатніх прадалі ў рабства. Ангельцы пашырылі гандаль тытунем да Асманскай імпэрыі, Ірану і Кітаю, дзе рэклямавалі яго як абязбольвальнік і супакаяльнік[3].

У 1826 годзе навукоўцы выявілі, што нікатын ёсьць атрутай. Тым часам, пераважала тытунепаленьне ў трубках, бо цыгарэты былі параўнальна дарагімі. У 1881 годзе амэрыканец Джэймз Бонсак стварыў машыну для прамысловага скручваньня цыгарэтаў, таму яны сталі даступнымі. Падчас Першай і Другай сусьветных войнаў пашырэньню тытунепаленьня спрыяла закупка войскам цыгарэтаў у тытунёвых фабрыкаў для штодзённага атрыманьня жаўнерамі. У выніку вытворцы цыгарэтаў пашырылі збыт за кошт вэтэранаў, якія вярнуліся з вайны заядлымі курцамі. У 1930 годзе нямецкія хімікі выявілі, што тытунь выклікае рак лёгкіх. У выніку ўрад Нямецкай дзяржавы перастаў выдаваць цыгарэты сваім вайскоўцам, а таксама забараніў паленьне ў закрытых памяшканьнях і месцах збору людзей[3].

У 1971 годзе ў ЗША забаранілі рэкляму тытунепаленьня. Аднак найбольшыя вытворцы цыгарэтаў, у тым ліку «Філіп Морыс Інтэрнэшнл», захавалі свае продажы ў разьвіцьцёвых краінах, на якія прыпадала 80% збыту. У гэтых краінах працягвалася ўкараненьне паводзінскага стэрэатыпу, што, калі хвалююцца, то паляць. У выніку адпаведны стэрэатып замацаваўся на некалькі дзесяцігодзьдзяў. Сярод іншых, такі вобраз меў пастух у рэкляме цыгарэтаў «Мальбара», чыю ролю выконваў Эрык Лоўсан, што памёр ад хваробы лёгкіх. На жанчынаў узьдзейнічалі праз разьмяшчэньне ў кінафільмах сцэнаў, дзе заможныя паненкі ў брыльянтах і прыгожым строі трымалі ў руках цыгарэту. Тым часам, насуперак падманліваму стэрэатыпу пры хваляваньні галаўному мозгу патрабуецца больш тлену, бо павышаецца выпрацоўка гармону стрэсу. Тытунепаленьне ж наадварот тармозіць мысьленьне і блякуе засваеньне вітамінаў, патрэбных пры напрузе[3].

На 2010 г. з больш як мільярда курцоў ва ўсім сьвеце 80% складалі мужчыны[1]. У ХХІ стагодзьдзі ў цыгарэты знутры пачалі дадаваць карычневую паперу, каб істотна зьменшыць кошт іх вытворчасьці. Найбольшыя абмежаваньні на тытунепаленьне існавалі ў Бутане, дзе іх прадавалі толькі ў аптэках даўнім курцам. У 2022 годзе ад тытунепаленьня памерла звыш 8 млн чалавек у сьвеце, зь іх мільён быў пасіўнымі курцамі, якія не трымалі ў руках цыгарэты. Для параўнаньня гэткая сьмяротнасьць перавышае колькасьць ахвяраў за год Другой сусьветнай вайны. Пры гэтым чысты прыбытак вытворцаў тытунёвых вырабаў перавысіў 700 млрд даляраў[3].

На 2010 г. тытунь палілі звыш 40% жыхароў Беларусі. Краіна знаходзілася на 6-ым месцы ў сьвеце па дзелі курцоў у насельніцтве. Залежнасьць ахоплівала каля 60% мужчынаў і звыш 20% жанчынаў[4]. Штогод ад тытунепаленьня ў Беларусі памірае звыш 15 тыс. чалавек[5]. На 2011 г. першая спроба тытунепаленьня ў Беларусі ў сярэднім прыпадала на ўзрост 12 гадоў[2]. У 2014 годзе доля курцоў сярод дарослага насельніцтва Беларусі скарацілася да 30,5 %[6].

У Беларусі тытунепаленьне ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту, у месцах гандлю, побытавога абслугоўваньня і грамадзкага харчаваньня, у памяшканьнях установаў дзяржаўнага кіраваньня, мясцовых выканаўчых і распарадчых установаў, на вакзалах, у аэрапортах, падземных пераходах, на станцыях мэтрапалітэна, у грамадзкім транспарце, вагонах цягнікоў, на водных суднах і ў самалётах[7] прадугледжвае спагнаньне да 4 базавых велічыняў[8].

  1. ^ а б в Надзея Нікалаева. Цыгарэта адбірае ў жанчынаў 11 гадоў жыцьця // Краіна здароўя. — 20 траўня 2010. — № 18 (187). — С. 3.
  2. ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Тытунь ня будуць прадаваць на кожным кроку // Зьвязда : газэта. — 17 лістапада 2011. — № 219 (27083). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г д е ё Алена Кравец. Брудныя бізнэс-гульні // Зьвязда. — 4 лютага 2023. — № 23 (29903). — С. 7.
  4. ^ Беларусь – 6-я сярод краінаў з самаю моцнаю залежнасьцю ад тытуню // Белсат, 2 сьнежня 2010 г. Праверана 16 красавіка 2014 г.
  5. ^ Сьвятлана Барысенка. Байкі пра алькагалізм // Зьвязда. — 7 кастрычніка 2011. — № 192 (27055). — С. 7.
  6. ^ Сьвятлана Барысенка. Ну вельмі дымна // Зьвязда : газэта. — 30 траўня 2014. — № 100 (27710). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ А.Лукашэнка. Дэкрэт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 сьнежня 2002 г. № 28 (пункт 38) (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 16 красавіка 2012 г. Праверана 20 жніўня 2013 г.
  8. ^ Артыкул 17.9 (Кодэкса аб адмін. правапарушэньнях). Паленьне тытунёвых вырабаў у забароненых месцах // Управа ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму Праверана 20 жніўня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy